ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Ці існуюць правілы размяшчэння абразоў у доме?

Задай пытанне

кс. Раман Катлімоўскі Колькі павінна быць абразоў у доме?
    Спачатку давайце растлумачым, што слова “абраз” ці “ікона” азначае пераносную карціну з выявай Хрыста, Найсвяцейшай Маці, святых ці біблейскіх сцэнаў, якая часцей за ўсё намалявана на дошцы, якую можна перанесці з месца на месца. Такі абраз выконваецца ў тэмпернай тэхніцы, якая грунтуецца на выкарыстанні фарбаў, у склад якіх уваходзіць бялок, жаўток, гума і г.д., што размешваюцца з алеямі або жывіцамі.
    Першыя звескі пра маляванне абразоў-іконаў паходзяць з канца IV пачатку V стагоддзяў. Гэты жывапіс распаўсюдзіўся на тэрыторыях Грэцыі, Балканаў, Італіі, а калі ідзе размова пра маляванне іконаў, то асабліва папулярным яно стала на Русі. Канкрэтны абраз не трэба разумець толькі як адлюстраванне святой постаці ці ілюстрацыю да Святога Пісання, але як нагадванне пра штосьці нябачнае. Аўтар паказвае на абразе пэўную выбраную постаць святога, поўную ласкі. Прынцыповай падставай існавання абраза-іконы і такога яе разумення з’яўляецца дагмат пра ўцелаўленне Хрыста, які на зямлі стаў вобразам нябачнага Бога.
    Асаблівае значэнне маюць выявы Хрыста і Божай Маці, намаляваныя не чалавечай рукой. Да такіх належаць “Хустка Веранікі”, Турынскі саван і адлюстраванне Найсвяцейшай Марыі Панны з Гвадэлупы.

    Сярод выяваў Хрыста, Божай Маці, святых і благаславёных, якія вядомы нам у гісторыі Касцёла і блізкія сэрцу нашых вернікаў, ёсць наступныя: Засмучаны Езус, Міласэрны Езус, які быў намаляваны паводле ўказанняў св. Фаустыны, абраз Заступніцы Гродзенскай дыяцэзіі Вастрабрамскай Божай Маці Міласэрнасці, які быў вядомы з XVI ст. Гэтая выява Маці Міласэрнасці знаходзіцца амаль у кожнай хрысціянскай сям’і. Трэба падкрэсліць, што аблічча Божай Маці з Вострай Брамы мае паўсюдны культ сярод вернікаў. У некаторых парафіях ці сем’ях вядомы таксама культ Чанстахоўскай, Ліхэньскай і Кальварыйскай Божай Маці. У апошнія гады своеасаблівую папулярнасць набылі каранаваныя папскімі каронамі абразы Кангрэгацкай Божай Маці з Гродна, Шкаплернай Божай Маці з Гудагаю і Тракельскай Божай Маці з Тракеляў, дзе ў 90-ыя гады развіўся паломніцкі рух, асабліва сярод маладога пакалення. Вядомы і жывы культ наступных святых: св. Антоній, св. Юрый, св. Юзаф, св. Юда Тадэвуш, св. Агата, св. Міхал-Арханёл, бл. сёстры-назарэтанкі, мучаніцы з Навагрудка; св. Фаустына (якая была беатыфікавана ў апошнія часы і звязана з Касцёлам у Беларусі), кс. Міхал Сапоцька, які быў спаведнікам св. сястры Фаустыны, а таксама шмат іншых.
    Калі ідзе размова пра тое, як размяшчаць абразы ў доме, то тут няма якіх-небудзь асаблівых нормаў і прынцыпаў. Напэўна, на цэнтральным месцы ў доме павінен быць крыж - знак нашага збаўлення. А абразы не павінны быць дамашняй выставачнай галерэяй ці аздобай, але яны павінны быць у такім месцы, дзе сям’я збіраецца на супольную малітву, ружанец ці дзеля іншага спосабу ўшанавання Бога цераз заступніцтва канкрэтнага святога. Некаторыя сем’і маюць сваіх асаблівых хадатаяў у Бога, дзякуючы заступніцтву якіх вернікі накіроўваюць свае канкрэтныя інтэнцыі. Таму дух пабожнасці можна адчуць не ў колькасці абразоў у доме, а ў глыбокай веры ў заступніцтва перад Богам Божай Маці, святога ці благаславёнага па прадстаўленай просьбе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.