ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Атрымаць моц для лепшага жыцця

З жыцця Касцёла

Перад намі – Вялікі пост ці 40 дзён, падчас якіх, згодна з рэкамендацыяй Папы Бэнэдыкта XVI з сёлетняга паслання на Вялікі пост, мы павінны больш уважліва паглядзець на нашае жыццё ў святле Евангелля. Дзякуючы такому роздуму кожны з нас падрыхтуецца лепш, больш глыбей і радасней да Велікодных святаў. Час Вялікага посту, як і сам пост асацыіруюцца нам са смуткам, пакутай і неабходнасцю адрачыся ад чаго-небудзь. Аднак яго сэнс заключаецца ў тым, каб аддаліць ад сябе тое, што рассейвае дух, і паглыбіць тое, што “корміць” душу, адкрываючы яе на любоў да Бога і бліжняга. Цераз прызнанне сваёй віны перад Богам, дзякуючы інтэнсіўнай малітве, частай споведзі і частаму ўдзелу ва Эўхарыстыі і набажэнствах: Песнях жальбы, Крыжовым шляху мы зможам радасней сустракаць не толькі свята Вялікадня, але перш за ўсё з новым запалам ісці з Богам па жыцці.
Папяльцовая серада
Літургія Папяльцовай серады, якая пачынае Вялікі пост, уводзіць нас у настрой пакуты. Вернікі, слухаючы тэксты, што будуць прачытаны ў гэты дзень са Святога Пісання, маюць магчымасць ізноў усвядоміць сабе віну першых бацькоў у раі і свае ўласныя грахі. Неабходнасць такой вялікай цаны адкуплення, чым была мука і смерць Божага Сына, усведамляе нам тое, чым ёсць грэх. Адам пачуў ад Бога прысуд: “Вернешся ў зямлю, з якой быў узяты, бо прахам ты ёсць і ў прах ператворышся” (Быц 3, 17 – 19). Гэтыя словы чуе кожны з нас у Папялец ці яшчэ іншае выказванне: “Навярніцеся і верце Евангеллю” (Мк 1, 15). Такімі словамі суправаджаецца сімвалічнае пасыпанне галоваў попелам. Такім спосабам выражаецца вялікі жаль і боль сэрца, а попел нагадвае нам пра кароткачасовасць чалавечага жыцця. Кожны, хто дазваляе пасыпаць сабе галаву попелам, запэўнівае, што разам з Касцёлам, які пакутуе, ён хоча змяніць свой спосаб мышлення, што цераз пакуту і жаль за грахі ён хоча вярнуцца да Бога, якога пакінуў з-за сваіх вінаў. Вернік усведамляе, што адварочваючыся ад Бога, ён выбраў смерць, а не жыццё, а вяртаючыся да Творцы цераз пакуту – атрымлівае жыццё і несмяротнасць. Таму попел з’яўляецца таксама сімвалам ачышчэння і паўстання з памерлых. Агонь пакуты ачышчае чалавека з яго слабасці і грахоў. Калісьці цэлы свет будзе ачышчаны агнём, аднак, з гэтай зямлі, ачышчанай агнём, а таму з попелу павінны паўстаць новыя неба і зямля. Звычай пасыпаць галаву попелам – вельмі старадаўні. Ён быў вядомы ў старажытным Егіпце, у арабаў і ў Грэцыі. У літургіі Касцёла гэты абрад сустракаем толькі ў VII ст. Першыя звесткі пра асвячэнне попелу паходзяць з X ст. У наступным стагоддзі Папа Урбан II увёў гэты звычай як абавязковы ва ўсім Касцёле. З таго часу існуе традыцыя, што попел для пасыпання галоваў вернікам бяруць пасля спальвання мінулагодніх асвечаных у Пальмавую нядзелю вербачкаў.
Пасія, цi Песні жальбы
На працягу ўсяго перыяду Вялікага посту ў нядзелю вернікі ўдзельнічаюць у касцёлах ў пасляпаўдзённых набажэнствах, званых Пасіяй, або інакш Песнях жальбы. Назва гэтага набажэнства паходзіць ад лацінскага слова passio г. зн. боль, цярпенне, мука. Тут ідзе размова пра тое, што згаданае набажэнства грунтуецца на спяванні смутных і жаласных песняў, якія простымі словамі расказваюць пра падрабязнасці невымоўнай мукі і смерці Езуса. Яны павінны пабудзіць вернікаў да спачування і любові да Збавіцеля, які цяжка пакутаваў, і адначасова да жалю і шчырай скрухі за грахі - сапраўднай прычыны мукі і смерці Хрыста. Гэтае пасійнае набажэнства спалучана з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і пасійным казаннем. Яго структура грунтуецца на структуры даўнейшай Ютрані. Набажэнства складаецца з трох часткаў, у кожнай з якіх знаходзіцца гімн і дзве песні (сёння ў Ютрані ёсць два псальмы і песня са Старога Запавету). У кожную нядзелю Вялікага посту адпраўляецца адна частка. Пасійнае набажэнства пачынаецца ад так званай “пабудкі”ці закліку да разважання пра Панскую муку. Першыя яе словы наступныя: “Песні жальбы заспявайце!” Пасля яе ідуць тры часткі самога роздуму пра Панскую муку. А апярэджвае кожную з іх прачытаныя так званыя інтэнцыі г.зн. паведамленні пра тое, пра якія падрабязнасці Панскай мукі павінны ісці разважанні ў гэтай частцы, г. зн. у якой інтэнцыі павінна быць ахвярована Богу-Нябеснаму Айцу гэтае разважанне. Кожная з тых галоўных часткаў складаецца з трох раздзелаў: “Гімн”, “Плач душы над пакутамі Езуса”, які спяваюць, як літанія, пасля чаго наступае “Размова душы з Балеснай Маці”. Назва набажэнства “Песні жальбы”, якая часцей за ўсё ўжываецца вернікамі, паходзіць ад першых словаў уступнай песні. Песні жальбы па-польску былі складзены ў 1707 г. стараннямі архібрацтва імя св. Роха, якое ў той час існавала пры парафіяльным касцёле імя св. Крыжа ў Варшаве, а асабліва намаганнямі кс. Ваўжынца Станіслава Бэніка. Спачатку гэтае пасійнае набажэнства ажыццяўлялася братамі і сёстрамі па-лацінску. Як згадваецца ў кнізе пасяджэнняў брацтва імя св. Роха з тых гадоў, прычынай да складання Пасіі Пана па-польску было тое, што “спяваныя па-лацінску Пасіі не былі даступны і зразумелы людзям, а пабожным вернікам яны вельмі падабаліся”.
Вялікапосныя рэкалекцыі
Кожны хрысціянін, памятаючы пра навучанне Касцёла, павінен ведаць, што жыццё патрабуе ад яго пастаяннай перамены г.зн. навяртання да Бога. Асабліва Касцёл звяртае ўвагу на два перыяды, якія павінны падрыхтаваць нас да вялікіх збавенных падзей: Уцелаўлення Божага слова, а таксама Смерці і Уваскрэсення Хрыста. Падчас Вялікага посту рэкалекцыі праводзяцца для таго, каб паглыбіць веру і рэлігійныя веды, што знаходзіцца заўжды не на належным узроўні, але і павінны дапамагчы чалавеку пазнаць стан сваёй душы, падвесці верніка да добрага рахунку сумлення. Сустракаючы тут на зямлі Уваскрэсенне Пана, мы зможам адчуць тую радасць, якая чакае нас у вечнасці. А каб было так, рэкалекцыі павінны стаць для вернікаў часам паглыблення ў тэму, якую закранае святар, і глыбокага роздуму над уласным жыццём і сваімі паводзінамі ў адносінах да бліжніх. На перыяд рэкалекцый Касцёл становіцца школай і праводзіць заняткі, якія вельмі важны для нас сёння і ў будучыні. Таму мы не павінны грэбаваць рэкалекцыйнымі сустрэчамі, таму што яны змогуць дапамагчы многім з нас, а асабліва маладым людзям запланаваць сваю хрысціянскую будучыню. Увянчэннем вялікапосных рэкалекцый ёсць споведзь. Давайце ж зробім рахунак сумлення, успомнім пра ўсе грахі. Можа трэба будзе зрабіць рахунак сумлення з дапамогай кніжачкі для набажэнства, якую даўно ўжо мы не трымалі ў руках. Яна знаходзіцца дзесьці дома, толькі трэба яе пашукаць.
Споведзь
Споведзь з’яўляецца сакрамэнтам вылячэння. Некаторыя з нас могуць сказаць, што і так кожны чалавек няспынна падае ў маральным сэнсе і будзе далей грашыць. Але калі б хоць раз перажыць сапраўднае спатканне з Езусам у сакрамэнце Пакуты, каб пераканацца, як можа змяніцца нашае жыццё і як мы можам адчуць сябе свабоднымі, трэба верыць, што споведзь – гэта не толькі пазбыццё грахоў, але перш за ўсё сакрамэнт сустрэчы з Богам, які вылечвае душу і цела. Трэба толькі свята верыць, каб урачыстасць Уваскрэсення Пана стала для нас нагодай для таго, каб адкрыць Бога нанова, ачысціцца ад сваіх грахоў і паўстаць з памерлых у духоўным плане.
Набажэнства Крыжовага шляху
Са старажытнага часу вернікі праходзілі той шлях у Ерузаліме, па якім Збавіцель нёс цяжкі крыж, і разважалі пра Яго мукі. Гэты звычай дайшоў да нашага часу. А паколькі многія не маюць магчымасцяў паломнічаць на Святую Зямлю, таму Касцёл дазволіў ажыццяўляць Крыжовы шлях у касцёлах або ў іншых месцах пры крыжах, званых стацыямі. У сваёй актуальнай форме, што даказваюць звесткі з першай паловы XVII ст., гэтае набажэнства, зацверджанае Апостальскай Сталіцай і ўзбагачанае адпустамі, налічвае 14 стацый. У “Дырэкторыуме аб народнай пабожнасці” з 2001 г. Апостальскай Сталіцы можна прачытаць, што “сярод набажэнстваў, падчас якіх вернікі ўшаноўваюць Панскую муку, мала ёсць такіх любімых, як Крыжовы шлях”. Падчас гэтага набажэнства вернікі ідуць тым самым шляхам, які Езус прайшоў у час апошніх дзён свайго зямнога жыцця: ад Аліўнай гары ў сяле, “якое завецца Гетсэмань” (Мк 14, 32), дзе Хрыстус, “знаходзячыся ў змаганні, старанней маліўся” (Лк 22, 44) аж да гары Кальварыі, дзе быў укрыжованы паміж двума лотрамі (пар. Лк 23, 33) і да саду, дзе быў Ён пахаваны ў новай магіле, зробленай у скале, (пар. Ян 19, 40 – 42). Адсюль – шматлікія Крыжовыя шляхі ёсць у касцёлах, санктуарыях, на кляштарных дзядзінцах , а таксама - на адкрытым паветры, у вёсках і на падворках, а кожная з гэтых стацый мае розную форму і сваю красамоўчасць. У згаданым дакуменце падкрэсліваецца, што “Крыжовы шлях з’яўляецца дарогай, намечанай Святым Духам. Боскі агонь, які пылаў у сэрцы Хрыста (пар. Лк 12, 49 – 50), завёў Яго на Кальварыю. Гэта - шлях, у якім замілаваны Касцёл захаваў жывую памяць аб словах і падзеях апошніх дзён свайго Пана”. Перш за ўсё, калі ідзе размова пра Крыжовы шлях, то тут трэба зразумець красамоўства той балеснай дарогі, якою прайшоў Хрыстус, каб прынесці свету збаўленне. Яе зместам з’яўляецца тое, што паміж ахвярай крыжа і гісторыяй чалавецтва існуе глыбокая збаўчая лучнасць і мы злучаны на ёй з Езусам праз крыж. Гэтым шляхам мукі пакутуючы Хрыстус вучыць нас уменню кантактаваць з Богам у кожнай сітуацыі, у якой чалавек знаходзіцца. У Евангеллі паводле св. Мацвея напісана: “Калі хто хоча ісці за Мной, няхай адрачэцца ад самога сябе, няхай возьме свой крыж і няхай Мяне пераймае”. Таму прымаючы ўдзел у Крыжовым шляху давайце прыгадаем сабе гэтыя словы і разам з пакутуючым Езусам пастараемся злучыцца ў Яго муцы. Хто пабожна разважае пра Панскую муку, той атрымлівае поўны адпуст пры наступных умовах: патрэбна прайсці ад адной стацыі да другой, а тыя, хто не прысутнічаюць на набажэнстве Крыжовага шляху па сур’ёзных прычынах, павінны хоць на працягу паўгадзіны пабожна прачытаць і паразважаць пра Муку і Смерць Пана нашага Езуса Хрыста (пералік адпустаў 1968, № 63).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.