ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Брама ўсіх сакрамэнтаў

З жыцця Касцёла

11 студзеня – свята Хросту Пана
Згодна з навучаннем Касцёла свята Хросту Пана з’яўляецца перш за ўсё дапаўненнем таямніцы Аб’яўлення Пана. У дзень Божага Нараджэння Езус Хрыстус аб’явіўся выбранаму народу, Ізраілю, сімваламі якога былі пастухі.
    У дзень Аб’яўлення Пана (урачыстасць Тры Каралі) Езус аб’явіўся ўсяму свету, што было адлюстравана ў каралях, якія прыбылі пакланіцца Яму. У свята Хросту Пана адбылося першае Аб’яўленне Бога чалавеку як Святой Тройцы, як Любові, якая ўзаемадапаўняе і ўзбагачае.
Хрост – пачатак збаўленчай місіі
    Тры евангелісты: Мацвей, Марк і Лука, астаўляючы нам апісанне Хросту Езуса, былі адзінадушны ў тым, што дзякуючы Хросту Хрыстус стаў пакорным Слугой Айца, каб выкупіць чалавечыя грахі. Езус унізіў сябе ва Уцелаўленні і ў самім Хросце, каб закончыць сваё зямное жыццё смерцю на Крыжы. Хрыстус прыняў Хрост, каб усвядоміць усім, што Ён – Сын Бога, які Яго моцна любіць, і напоўнены Святым Духам. Гэты эпізод з жыцця Езуса меў асаблівае значэнне, калі Касцёл вылучыў яго ў асобнае свята. З гэтага ўрачыстага акту Хрыстус Пан пачаў сваю настаўніцкую місію. А было тады яму 30 гадоў, бо толькі з такога ўзросту габрэйскі звычай дазваляў публічна выступаць перад людам і навучаць.
Тут ідзе размова пра мужчынаў, бо ў Ізраілі ніколі жанчыны не мелі права выступаць публічна. Місію Хрыста пацвердзіў з нябёсаў Бог-Айцец, сведчачы пра тое, што Хрыстус мае права выступаць перад людзьмі ад імя Бога. Сам Творца высылае свайго Сына з місіяй збаўлення чалавецтва. “І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: “Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як галуб, і застаўся на Ім; і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: “На Ком убачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым”. І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён – Сын Божы” (Ян 1, 32 – 34).
    Першае месца, якое было звязана з Хростам, з’яўляецца Бэтанія за Ярданам, дзе Ян хрысціў. Хоць гэта быў толькі пакутны абрад навяртання, аднак Хрост “з вады”, як зазначыў Ян Хрысціцель, указваў на іншы Хрост са Святога Духа (пар. Лк 3, 16; Дз 1, 5), які ўстанавіў Хрыстус пасля свайго паўстання з памерлых для таго, каб пакласці пачатак жыццю ласкі ў чалавеку.
Хрост – пачатак жыцця ў Святым Духу
    Здавалася б несамавіта, што Езус прыходзіць да Яна Хрысціцеля і прымае Хрост. У Хрыста няма ніякага граху і Ён не патрабуе ачышчэння. Каб зразумець гэтую падзею, трэба паглядзець на сакрамэнт святога Хросту не толькі як на ачышчэнне ад першароднага граху, але як на своеасаблівую ліквідацыю з людскога сэрца нават акрушынаў граху, і бачыць у ім запрашэнне, каб у гэтым сэрцы пасяліўся Бог. Хрост, які прымае чалавек, садзейнічае не толькі знішчэнню вінаў, але і дае пачатак жыццю ў Святым Духу, паўнату дароў якога атрымлівае чалавек падчас сакрамэнту Канфірмацыі. Таму вартасць хрысціяніна не асноўваецца на тым, што яго сэрца – чыстае, але на тым, што яно стала святыняй, дзе жыве Бог. Услухоўваючыся ў словы Евангелля падчас свята Хросту Пана і маючы перад вачамі вобраз, які добра нам вядомы па нашых святынях (святар хрысціць немаўлятка), можна ўсвядоміць адно: там – Езус у Ярдане, а тут – чалавек – пры хрысцільні. Там – Збавіцель, напоўнены Духам, а тут – чалавек, які пачынае жыццё ў Духу. Але ёсць і такое падабенства: як да свайго Сына Бог накіроўвае падчас Хросту да чалавека словы: “Ты – маё любімае дзіця”.
    Святы Тамаш з Аквіну назваў сакрамэнт Хросту “брамай ўсіх сакрамэнтаў.” Хрост з’яўляецца беспамылковым знакам прысутнасці Хрыста, першай сустрэчай з Богам у чалавеку, нараджэннем не з людзей, “якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся” (Ян 1, 13). Кодэкс кананічнага права сцвярджае: “Хрост, брама сакрамэнтаў - неабходны для збаўлення, дзякуючы рэчаіснаму ці задуманаму прыняццю, якое пазбаўляе людзей ад граху, адраджае іх як Божых дзяцей і цераз прыпадабненне да Хрыста ўключае іх у Касцёл незнішчальным чынам”. Хрост як “брама сакрамэнтаў” адкрывае магчымасці эфектыўна карыстацца з наступных Божых ласкаў, якія могуць быць атрыманы толькі шляхам святых сакрамэнтаў. У катэхізісе каталіцкага Касцёла запісана: “Святы Хрост з’яўляецца фундаментам ўсяго хрысціянскага жыцця, брамай жыцця ў Духу і брамай, якая адкрывае доступ да іншых сакрамэнтаў. Дзякуючы Хросту мы вызваляемся ад граху і адраджаемся як Божыя сыны, становімся членамі Хрыста, “ушчэпленымі” ў Касцёл, удзельнікамі яго паслання: “Хрост з’яўляецца сакрамэнтам адраджэння праз ваду і ў слове”.
Хрост – абавязковы сакрамэнт
    Касцёл, які згодна з указаннем Хрыста, абвяшчае Евангелле і ўдзяляе Хрост, ужо з першых стагоддзяў ахрышчваў не толькі дарослых, але і немаўлятаў: “Калі хто не народзіцца з вады і з Духа, не можа ўвайсці ў Валадарства Божае” (Ян 3, 5). Не трэба адказваць у просьбе ахрысціць дзіцятка, таму што дзяцей ахрышчваюць у веры менавіта таго Касцёла, якую публічна прызнаюць бацькі, хросныя і іншыя ўдзельнікі Хросту. Каб захавалася сутнасць сакрамэнту Хросту на ўсё жыццё патрэбна, каб дзеці былі выхаваны ў той веры, у якой яны былі ахрышчаны. Хрост з’яўляецца пачаткам новага жыцця – жыцця ў супольнасці з Езусам і з усімі, хто ў Яго верыць. Калі дзіця прыняло Хрост, то гэта ставіць перад бацькамі і хроснымі бацькамі вялікія патрабаванні. Бацькі і хросныя павінны садзейнічаць таму, каб малы ахрышчаны чалавек быў выхаваны так, каб для яго мерай жыцця стаў Хрыстус. Хрост не можа быць толькі падзеяй мінулага. Для хрысціяніна Хрост азначае прыняцце таго, што Езус наказвае: прызнанне патрэбаў бліжніх сваімі, станавіцца на бок слабых і пакутуючых, шукаць Божай волі ў кожнай падзеі і яднацца цераз любоў з Богам. Аднак праўдападобна найбольшую радасць нясе Богу факт навяртанне дарослага чалавека ў хрысціянскую веру і яго рашэнне прыняць Хрост.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.