ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Субота, 27 мая 2017 года
«Шукайце прытулку
пад плашчом Панны Марыі»
/ Папа Францішак /

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў в. Струбніца

Парафіі і святыні

Дэканат Масты
Касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў заснаваны тут яшчэ да 1550 г. каралевай Бонай Сфорца. Пры гэтым святыню пабудавалі не ў самой Струбніцы, а прыкладна ў кіламетры на поўнач ад яе. Паселішча, якое ўтварылася вакол касцёла, атрымала назву Плябанцы.
   Святыня, якая дзейнічае да сённяшняга дня, была пабудавана ў 1740 г. у стылі барока дзякуючы намаганням кс. Франца Абрамовіча на сродкі Юрыя дэ Сянно-Сененскага. У 1790-1799 гг. святыня была перароблена на ахвяраванні старадубскага маршалка Яна Біспінга. У 1841 г. касцёл быў адрэстаўраваны дзякуючы намаганням кс. пробашча Гжымалы на сродкі Адама Біспінга. Да прэсбітэрыя касцёла ў гэты час была дабудавана новая капліца, пад якой зрабілі пахавальню фундатараў касцёла.
   У 1800 г. у Струбніцы старадубскім маршалкам Янам Біспінгам была закла-дзена альтарыя пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Спачатку касцёл быў дзвюхвежавы, але ў ХIХ ст. завяршэнні вежаў разабралі, таму з 1836 г. галоўны фасад завершаны высокім франтонам з невялікай чацверыковай вежай пад шатровым купалам. Святыня прамавугольная ў плане з пяціграннай апсідай, якую з аднаго боку фланкуе сакрыстыя, з другога – капліца Біспінгаў. Сцены святыні ашаляваны гарызантальна (цокаль – вертыкальна) і ўмацаваны вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі. Святыня накрыта двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над апсідай. Крыпта ёсць толькі пад капліцай.
   Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала каля 2500 чалавек. У савецкі час касцёл быў зачынены, але вернікі не далі яго разрабаваць ці выкарыстоўваць пад збожжасховішча. Яны збіраліся самі, без пробашча, як маглі, даглядалі святыню. У 1970-я гг. касцёлу быў нададзены статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.
   У 1989 г. на Вялікдзень у Струбніцы аднавіліся сталыя набажэнствы з уласным пробашчам. Касцёл адрэстаўравалі дзякуючы дапамозе дзяцей Казіміра Біспінга (1887 – 1941) – апошняга ўладальніка Струбніцы, “сенатара Рэчы Паспалітай, кавалера ордэна Virtuti Militari, які загінуў у савецкім лагеры Кожва”: Сафіі (Польшча), Юзафа (Канада) і Ганны (Англія). Аб гэтым сведчыць мемарыяльная пліта ў нартэксе касцёла, усталяваная ў 1991 г. у гонар пана Казіміра, яго жонкі і іх маці Марыі з роду Святаполк-Чацвярцінскіх (+1980, Лондан).
   Залавы інтэр’ер касцёла, перакрыты плоскай падшыўной дашчатай столлю, упрыгожваюць тры двух’ярусныя разьбяныя барочныя алтары, багата дэкараваныя накладной пазалочанай разьбой расліннага арнаменту з выявамі анёлаў. У галоўным алтары змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы і Kаранавання Маці Божай, створаны мастаком Казімірам Бінеўскім у 1753 г. У другім ярусе знаходзіцца круглы абраз св. Міхала Арханёла. У левым бакавым алтары – абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў атачэнні фігур святых, другі ярус (анёлкі і херувімы, якія лунаюць у аблоках) разьбяны, завершаны фігурай св. Міхала Арханёла з вагамі і мячом. Правы алтар падобны да левага, у цэнтры – абраз св. Антонія, наверсе – фігура св. Алены з крыжам. Прэсбітэрый аддзелены ад залы шырокай аркай і барочнай рашоткай. Сцены касцёла аздоблены фрызам (у метопах знаходзяцца выявы пакут Хрыста, сакральных рэчаў, сімвалаў хрысціянства і г.д.). Арганныя хоры над нартэксам раскрыты ў залу шырокім паўкруглым праёмам.
   Капліца, дабудаваная ў сярэдзіне ХIХ ст., пяцігранная ў плане, накрыта шатровым дахам. Інтэр’ер атынкаваны ў стылі класіцызму, перакрыты скляпеннем з разеткай. Алтар драўляны, разьбяны, створаны ў неагатычным стылі. Але гістарычны абраз не захаваўся, цяпер тут усталявана фігура Маці Божай.
   Касцёльная тэрыторыя абнесена невысокай бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны муравана-драўлянай брамай, пабудаванай у 1856 г. Справа ад касцёла пабудавана двух’ярусная чацверыковая вежа-званіца з буту і атынкаванай цэглы пад чатырохсхільным дахам. Перад касцёлам захавалася некалькі надмагілляў роду Біспінгаў, пробашчаў парафіі і навакольнай шляхты.
   У 1822 г. на ўзвышшы ў паўночна-заходняй частцы вёскі Белавічы, па фундацыі тагачаснай уладальніцы маёнтка Ганараты Аскеркі была пабудавана грэка-каталіцкая царква, аб чым сведчыць мемарыяльны надпіс над уваходам у святыню, і асвечана пад тытулам Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі. З 1839 г. яна дзейнічае як праваслаўная Свята-Пакроўская царква.
   З ХIХ ст. у в. Маісеевічы вядома капліца ад Струбніцкай парафіі. Напрыканцы 1930-х гг. пачалі будаваць новую капліцу, але Другая сусветная вайна і дзесяцігоддзі савецкай улады не далі магчымасці закончыць справу. У 1997 г. каталіцкая капліца адрадзілася ў суседнім пасёлку Юбілейны, дзе пад месца малітвы быў часова прыстасаваны будынак былой пральні, пабудаваны ў 1984 г. У алтары змешчаны абраз св. Антонія.

Актуальны нумар

Наш каляндар

kalendar 2017 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2017 год

Літургічны каляндар

 
white
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  219

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.